Шаноўныя беларусы Варшавы!
Сёлета — 40 гадоў Чарнобыльскай катастрофы, жахлівай трагедыі, якая закранула кожную беларускую сям'ю.
Галоўная прычына той трагедыі — безадказнасць улады, якая выкарыстоўвала ядзерныя тэхналогіі і праводзіла небяспечныя эксперыменты без грамадскага кантролю. Людзі былі пазбаўленыя рэальнага права выбару, і пасля катастрофы ўлады і СССР, і БССР хлусілі грамадству і хавалі ад яго праўду пра небяспеку. Нават выводзілі грамадзян на першамайскія дэманстрацыі пасля радыяцыйных ападкаў. У выніку такой палітыкі пацярпелі мільёны людзей, якія прайшлі праз прымусовае перасяленне і хваробы. Многія заплацілі за гэта сваім жыццём.
Хлуслівы рэжым Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў 90-я гады адмяніў законы пра ільготы і абарону беларусаў, якія пацярпелі ў выніку як самой тэхналагічнай катастрофы, так і ад хлусні тагачасных камуністычных уладаў. Нагадаем, што тыя законы былі прынятыя беларускім парламентам пад ціскам беларускага народа — праз Чарнобыльскія Шляхі і Чарнобыльскі Трыбунал, якія арганізоўваў Беларускі Народны Фронт «Адраджэнне».
Чарнобыльскі Шлях 1996 г. быў годным адказам беларускай нацыі на пагрозу імперскага рэваншу, бо Лукашэнка, парушаючы Канстытуцыю, прадаваў нашу незалежнасць Расіі. Менавіта тады, падчас Менскай Вясны 1996 г., беларускі народ і свет пабачылі першых палітвязняў: лідараў БНФ Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка, палітыка Андрэя Рамашэўскага, паэта Славаміра Адамовіча і сямёра грамадзянаў Украіны: Уладзіміра Салаўя, Андрэя Шаптыцкага, Андрэя Дрыгайлу, Андрэя Бурлаку, Вячаслава Гоча, Андрэя Міранюка і Сяргея Патапава.
Сёння палітвязняў у лукашэнкаўскіх турмах — тысячы. Больш за пяць гадоў беларусаў штодня арыштоўваюць і катуюць. У краіне немагчымая грамадская дзейнасць, забароненыя нацыянальныя сімвалы беларускай нацыі, знішчаны практычна ўсе правы і свабоды, якія прапісаныя ў Канстытуцыі, міжнародных пагадненнях і ў беларускім заканадаўстве. Сотні тысяч беларусаў вымушаны былі пакінуць сваю Бацькаўшчыну, ратуючыся ад рэпрэсій. Ужо сёмы год беларусы ў Беларусі не маюць права прайсці Чарнобыльскім Шляхам.
Але мы можам арганізаваць гэтае мерапрыемства ў іншых краінах, каб нагадаць пра Чарнобыльскую катастрофу, пра пагрозу ад Астравецкай АЭС і жахлівую небяспеку, якая навісла над усёй Еўропай пасля незаконнага рашэння Масквы размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. На Чарнобыльскім Шляху мы мусім казаць пра тое, што беларусы зараз, як і 40 гадоў таму, пазбаўленыя права выбару, а ўлада праводзіць масавыя палітычныя рэпрэсіі супраць беларускага грамадства. З такімі рэпрэсіямі Еўропа не сутыкалася апошнія 50 гадоў.
Мы павінны казаць ад імя беларусаў у Беларусі!
Запрашаем на Чарнобыльскі Шлях у Варшаве:
ЗА НЕЗАЛЕЖНУЮ, БЯЗ'ЯДЗЕРНУЮ БЕЛАРУСЬ!
26 красавіка, нядзеля.
ПОМНІК КАПЕРНІКА
14.00–15.00 — мітынг
15.00–15.45 — шэсце Чарнобыльскага Шляху ў Варшаве.
Запрашайце знаёмых беларусаў, бо бяда ў Беларусі; запрашайце палякаў, бо Польшчы пагражае расейская ядзерная зброя; запрашайце ўкраінцаў, бо Чарнобыль — наша агульная памяць і агульны боль.
Жыве Беларусь!























